Проект «Голоса еврейских местечек. Минская область».פיתוח קשרי התרבות בין העמים של ישראל ובלרוס
|
---|
Поиск по сайту |
|
ГлавнаяНовые публикацииКонтактыФотоальбомКарта сайтаВитебская
|
ТРАГЕДЫЯ ЯЎРЭЯЎ МЯСТЭЧКА ЛОШАЛоша – вёска ва Узденскім раёне Мінскай вобласці, на ўзбярэжжы ракі Лоша і Лашанскага вадасховішча, на аўтадарозе Узда – в. Валяр’яны. Цэнтр сельскага Савета. За 16 км на ўсход ад г. Узда, 60 км ад Мінска, 38 км ад чыгуначнай станцыі Негарэлае. Вядома з XVII ст., уладанне Заранкаў, Грабоўскіх-Тэпорчыкаў. У XVIII ст. сфарміравалася як мястэчка № 31793 у Расійскай імперыі. У XIX ст. сяло, потым – мястэчка Слабада – Пырашаўскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерніі. У 1870 г. – 48 двароў, школа, царква, сінагога. У 1909 г. – 270 жыхароў, 70 двароў. «Местечко Лоша расположено в Игуменском повете в полицейской Узденской округе около дороги, которая идёт от Шацка до Узды. Местность лесистая, стоит на реке того же названия. Имеет церковь, еврейскую школу и 50 домов. В XVII веке собственность князев Головинских, позднее Заранков. В XIX веке стала собственностью Гробовеких-Топорчиков. За несколько миль вокруг имеются хорошие места для охоты на лося и медведя».
Дом Тэвала Штэйна.
«В 1808 году в Лоше было 16 евреев. В 1924 году – 302. В советский период 25 евреев эмигрировали в США» «Лоша, деревня в Узденском р-не, Минской обл. В XIX – начале XX века в Лоше имелось еврейское население. С 1885 года в Лоше раввином был Яков-Меир Каган. (1860-?) В 1913 году евреям принадлежали 6 бакалейных лавок». У 1930 годзе 10 яўрэйскіх сямей разам з беларусамі стварылі калгас «Бальшавік», які аб’ядноўваў вёскі Крывялі, Лошу, Загоршчыну. У вёсцы Лоша была камсамольская ячэйка, яе сакратаром быў Ас Арон. У 1936 годзе у Лошы была адкрыта бальніца. Урачом у ёй працавала Бусловіч Раіса Саламонаўна. У асноўным Лошу насялялі яўрэі. Перад дамамі быў пакладзены дашчаты тратуар, бо месца, на якім стаяла вёска, было гразкаватае. У кожным доме было двое дзвярэй. З адных дзвярэй быў выхад на вуліцу, а з другіх – у двор, да гаспадарчых пабудоў. У Лошы захаваўся дом Тэвала Штейна. Тэвал Штэйн трымаў коней і гандляваў імі. Яго жонку звалі Хая. Дзеці Двырс, Міхна, Малка (была настаўніцай), Міхал і малодшая дачка Бася. На месцы, дзе знаходзілася да вайны пякарня знодзены дрейдл, чатырохгранны ваўчок, з якім згодна традыцыі, дзеці гулялі ў час яўрейскага свята Ханука. Гістарычным доказам існавання яўрэйскага мястэчка ў нашай вёсцы з’яўляюцца помнікі на месцы пахавання яўрэяў у XІХ-ХХ стагоддзі. Яўрэйскія могілкіКаля сучаснага будынка бані, на «бараніцы», як называюць гэтае месца мясцовыя жыхары, да вайны былі яўрэйскія могілкі. Сталыя жыхары навакольніх вёсак памятаюць пра тое, што яўрэі хавалі на гэтым месцы сваіх родных. Многае ў рэтуале пахавання, да і самі надпісы, бо яны напісаны на іўрыце, былі незразумелы для астантніх жыхароў. Вядома толькі, што хавалі людзей тут толькі да вайны.
Яўрэйскія могілкі.
На карце Мінскай губерні 1873 года, якая створана на аснове карты Ф.Ф. Шуберта 1868 года нанесена Лоша. Аналіз карты даў магчымасць удакладніць дату першага ўпамінання мястэчка Лоша. Гэта 1873 год магчыма 1868 год. На аснове аналізу пісьмовых і рэчавых гістарычных крыніц можна зрабіць наступную выснову: У XVIII ст. Лоша сфарміравалася як мястэчка № 31793 у Расійскай імперыі. У пачатку 19 ст. тут пасяліліся яўрэі. Лік іх хутка рос. Гэта былі рамеснікі і гандляры. Яны абслугоўвалі мясцовае насельніцтва. Беларускіх сем’яў было мала. У асноўным Лошу насялялі яўрэі.
Синагога.
Складзена карта-схема яўрэйскага мястэчка Лоша ў пачатку XX ст. У сямейным архіве Каца Ісака Абрамавіча захаваўся малюнак драўлянай сінагогі ў мястэчку Лоша, пабудаванай у канцы XІХ стагоддзя. Сінагога мела два паверхі. З 1885 года равінам быў Якаў – Меір Каган. Арганізацыя рамяства і гандлю ў мястэчку ЛошаЗ XVII стагоддзя Лошай валодалі памешчыкі, перапрадавалі вёску не раз з сялянамі. Пасля адмены прыгоннага права Лоша стала развівцца хутчэй, ў пачатку XІХ ст. тут паявіліся яўрэі. У 20-я гады мінулага стагоддзя Лоша стала рамесніцкім мястэчкам, у якім былі паравы млын, паравая лесапілка, сталярная майстэрня, стальмашня, шавецкая і кравецкія арцелі, пякарня, ветэрынарны пункт, бальніца, беларуская і яўрэйская школы, сінагога і праваслаўная царква, клуб, рынак, магазіны, сельпо, аптэка, цырульня, малочны завод. У мястэчку быў вадзяны млын, на якім працаваў Эдуард Урублеўскі. Рэчка Лоша была перагароджана драўлянай плацінай. Плаціна была пабудавана з сасновых брусоў у 3 рады. Брусы былі загнаны зверху ўніз, і плаціна затрымлівала ваду. Вада падымалася вышэй, праз плаціну падала ўніз і круціла каменныя жорны, на якіх зерне малолася ў муку. Млын быў каля Крывялёў. Зубараў Лейба таксама меў мельніцу, мельнікам у яго быў Салавей Канстанцін. Яўрэй Еўна шыў і рамантавў абутак, у яго быў дом з чырвонымі аканіцамі. Працаваў нарыхтоўчы пункт. Яўрэі Пейса і Мотка Палойкі працавалі нарыхтоўшчыкамі. На падводы яны клалі соль, дробныя тавары, раз’язджалі па навакольных вёсках і абменьвалі ўвесь тавар на сушаныя грыбы і ягады, яйкі, масла, сушаную кару лазы, елкі, дубу, крушыны, сушаныя лекавыя расліны. У доме яўрэя Шэўрына знаходзілася аптэка. Старэйшы сын Шэўрына Хаім у 1941 г. закончыў трохгадовую аптэчную школу і стаў аптэкарам, але папрацаваць яму не давялося, бо пачалася вайна. У Лошы былі шавецкая і кравецкая майстэрні, у якіх працавалі яўрэі і беларусы. Кейла мела шавецкую арцель. Сея Кантаровіч быў бязногі, працаваў шаўцом, у іх доме фарбавалі шафы і сталы са сталярні. Каля Асіеўскіх жыў шавец Залман, брат Каца Іцкі. Швейнай арцеллю кіраваў Юдаль Шацкі. Працаваў у арцелі і беларус Цумараў. У абутковай – аўстрыец Шрымф. У Лошы рэгулярна працавала лазня. У доме, дзе жывуць Асіеўскія, жыў Ас, маці Ціва. Старэйшая дачка Ітка працавала ў прадуктовым магазіне. Сын Арон быў камсамольцам, другая дачка працавала ў арцелі, дзе выраблялі гузікі, сын Навум вучыўся ў Лашанскай школе, пасля паехаў у Ізраіль. Выдатным кавалём быў яўрэй Міхаль. Кузня знаходзілася за домам Асіеўскіх. Ён у кузні так зварваў метал, што не было відаць шва. А які выдатны інструмент ён рабіў для сталяроў: сякеры, стругі, нажы, стамескі, цёслы для апрацоўкі драўніны і іншыя прылады працы. Усе яго вырабы вызначаліся асабліва высокай якасцю. Сроль таксама меў кузню, якая была за клубам, дзе зарас растуць таполі. Яго сын Гейсыф працавў разам з бацькам. Была у мястэчку і свая хлебапякарня. Яўрэйка Бася пякла цудоўныя булкі, баранкі, хлеб, давала людзям на павер хлебабулачныя вырабы. На вялікдзень яўрэі частавалі мясцовых жыхароў мацою. Дзе цяпер жыве Нямковіч Мікалай, была хата Палойкі Элі, у якога быў сын Гірш. Другі сын – Бэрка, служыў у арміі старшыной, дачка Хая пакахала рускага шафёра Раханава. Бацькі былі супраць, тады Хая сабрала свае пажыткі ў клуначак, ноччу праз акно яе выкраў каханы. У доме, дзе жыве Трухан В.П., жыў конюх Іцка. Іцка, Фройка, Шолам гандлявалі коньмі. Пасля бою 29 чэрвеня 1941 года ўцалела хата Тэвала Штэйна. Ён трымаў коней і гандляваў імі. Былі ў яго дзеці: Двырс, Міхна, Малка (была настаўніцай), Міхал, малодшая дачка Рася. За Вішнеўскім М.М. жыў Бэрка-крыклівы. Празвалі яго «хапун», бо хутка рабіў усю работу, вырабляў гонту, а яшчэ ездзіў у Слуцк за таварамі. І цяпер ёсць «Бэркава дарожка,» па якой ён ездзіў у Слуцк. На месцы дома Саладухі некалі стаяў дом Рабіна бязногага. Яму з Амерыкі прысылалі грошы, на якія ён купляў шмат кніг, якія перад вайной падарыў Лашанскай школе. Многія лашанцы займаліся нарыхтоўкай жывіцы для вытворчасці шкіпідару. Старшынёй сяльпо з’яўляўся Абрам Навадворац, яго намеснікам быў Рыгор Трухан. У Лошы быў нарыхтоўчы ларок. Яўрэй Майсей Рыжавецкі працаваў цырульнікам, ён быў вясёлым жартаўніком. Такім жа жартаўніком быў і прадавец у вінна-гарэлачным магазіне Розаў Нішон Абрамавіч. Калі восенню заканчваліся ўсе работы ў полі, то яўрэі-краўцы пачыналі шыць адзенне сялянам у іх доме. Па дагавору яўрэй-кравец прыязджаў са швейнай машынай, іншы раз з бацькам прыязджаў і сын. Абодва пасяляліся ў доме селяніна, іх гаспадар карміў, даваў ім начлег. Бацька кроіў аўчыны, шыў кажухі, сын выконваў дапаможныя работы. Так бацька вучыў прафесіі і сына. Шылі яны кашулі, штаны, курткі з самаробнага сукна. Плашчоў тады на выпадак дажджу або завеі не было. Балаголы (так тады называлі перавозчыкаў грузаў) ехалі ў любую пагоду. Каб уберагчы сябе ад асенняга халоднага дажджу, кожны балагол меў бурку – доўгае суконнае адзенне з тоўстага самаробнага сукна. Бурка была даўжынёю з галавы амаль да пят. Пачыналася яна зверху шлемам, які быў сшыты разам з астатняй часткай буркі. На галаву і плечы надзяваўся бушлат. Гэта быў асобны шлем на галаву, які закрываў таксама і плечы. Заканчваўся знізу бушлат доўгімі суконнымі паясамі, якія апаясвалі бурку і завязваліся. Адзеўшыся так, балагол вёз груз у любую пагоду. Па дарозе праз пэўную адлегласць былі карчмы са стадолямі. Стадоль прадстаўляла сабою драўляную будоўлю з шырокімі варотамі, праз якія заязджаў балагол з повозкаю з грузам. У стадолі каня выпрагалі, прывязвалі да сцяны, кармілі, паілі. Знутры вароты закрываліся на тоўстую завалу. Унутры стадолі быў яшчэ вартаўнік – адзін з членаў сям’і. У карчме балагол мог паесці гарачай ежы, папіць гарачага чаю, клаўся на пасцель, спаў і адпачываў. Балаголы перавозілі грузы з Слуцка ў Мінск і наадварот. Звычайна яны ездзілі па некалькі падвод разам. Так было безапасней ад грабежнікаў і ваўкоў, якіх было тады многа. У выпадку паломкі калёс або саней яны прыходзілі на дапамогу адзін другому. Яўрэі таксама рабілі печы ў навакольных вёсках, калёсы, сані, гнулі дугі. Па Даўгінаўскаму тракту перыядычна сустракаліся кузні, каб падкаваць каня, адрамантаваць калёсы або сані. Падковы для коней рабілі кавалі-яўрэі. Наогул, яны былі добрымі спецыялістамі, памяркоўнымі, сяброўскімі ў адносінах да беларусаў. У 1913 годзе яўрэям належалі ўсе 6 бакалейных лавак. У канцы XІХ ст. яўрэй Арон Палойка на беразе мелкаводнага возера пабудаваў смалакурню. Мясцовыя жыхары ў лясах выкопвалі старыя сасновыя пні і прывозілі іх у Пярэвалаку ў смалакурню. Потым пні часта ўзрывалі дынамітам. Раскіданыя пры выбуху кавалкі карчоў збіралі і таксама прывозілі да смалакуркі, загружалі ў вялікую печ. Пачыналася сухая перагонка карчоў. Атрымлівалі драўляны вугаль для кузняў, колавую мазь для змазкі колаў, шкіпінар для медыцынскіх мэт і масляных фарбаў. Тут быў склад для захоўвання гатовай прадукцыі і два жылыя дамы. У адным доме была невялікая кантора і кватэры для Палойкі, у другім доме жылі сем’і людзей, якія працавалі на заводзе Лычкоўскіх. У 1942 г. немцы спалілі смалакурню і яе пабудовы. Лычкоўскія выехалі ў Хатляны. У сувязі з капераваннем дробных уласнікаў у арцелі ў 20-30 гадах XX ст. многія яўрэі пакінулі Лошу і пераехалі у Мінск, Узду і іншыя гарады. Лоша ў XІХ- пачатку XХ ст. была цэнтрам рамяства і гандлю. Трагедыя яўрэяў мястэчка Лоша ў час Вялікай Айчыннай вайны22 чэрвеня 1941 г. фашысты вераломна напалі на СССР. Роўна праз тыдзень, 29 чэрвеня, у 5 гадзін раніцы калона немцаў па дарозе Слабада-Пырашава накіравалася да Даўгінава. Немцы без бою занялі Даўгінава і рушылі да Верх-Нёмана. Перад стадоллю ў Даўгінаве спыніўся наш танк Т-16. Скончылася гаручае. Але танкіст паспеў вывесці са строю танк, ускочыў у хату Марука Міхаіла і ўцёк праз шчыт у сенях у жыта і застаўся жывы. Немцы танк запусціць не змаглі. Так і стаяў ён усю вайну. Другі наш танк немцы падбілі ў канцы вёскі, а танкісты згарэлі ў танку. Пасля гэтага бой разгарнуўся ў вярхоўі Нёмана. З правага боку Нёмана па немцах быў адкрыты артылерыйскі агонь. 16 немцаў загінула. Загінуў і адзін наш салдат, прозвішча якога засталося невядомым. Наступленне немцаў спынілася. Тады яны вызвалі 2 самалёты, якія пачалі бамбіць нашы пазіцыі. Наступленне немцаў прадоўжылася. Са злосці агнём з танкеткі, выстралам у саламяную страху яны падпалілі хату Клімовіча Ніканора, папярэдне выгнаўшы з хаты мужа, жонку і 7 дзяцей. Гэта было ў Верх-Нёмане. Пасля гэтага немцы разгарнулі наступленне на Лошу. Гэтыя 2 самалёты пачалі бамбіць Лошу. Каля маяка ў Даўгінаве яны ўстанавілі пушкі і пачалі абстрэльваць Баравыя, Касцюкі і асабліва Лошу. Атакі змяняліся контратакамі. Поўнасцю згарэў будынак новай школы, новая бальніца, згарэла амаль уся Лоша. Няспаленымі засталіся толькі 5 хат. Калі пачалася вайна, то стары яўрэй Залман Кац з Лошы страціў розум і згарэў жывым у час бою за Лошу.
Дом Каца Іцкі, дзе хаваўся 2 месяцы
яго сын Шолам. Успамінае Бурэй Леакадзія Іосіфаўна: «Да вайны ў вёсцы Лоша пражывалі ў асноўным яўрэі, у час бою Лоша поўнасцю згарэла, засталося толькі некалькі дамоў. Многія яўрэйскія сем’і перабраліся ва Узду, другія рассяліліся ў Касцюках і Баравых у дамах мясцовых жыхароў, іншыя пасяліліся ў буданах ў лесе. Немцы пачалі забіраць яўрэяў, ім наклеілі жоўтыя меткі і завезлі ўсіх у Узду ў гета. Калі ў кастрычніку 1941 года расстрэльвалі яўрэяў, стрэлы былі чуваць нават у Лошы. Ад расстрэлу ўратаваліся Кац Ісак Абрамавіч і яго сын Шолам, які хаваўся ў падпечку, жонку Каца і дачку немцы расстралялі». Восенню 1941 г. пачаліся расправы над яўрэямі Лошы. У кастрычніку 1941 г. іх пачалі збіраць у гета ў Уздзе. Немцы стварылі паліцыю ў Уздзе з добраахвотнікаў, а потым лавілі маладых хлопцаў і застаўлялі іх служыць у паліцыі. Добраахвотна паліцаем з Баравых стаў Аляксейчык Алесь. Шырокароты, вучыўся ён слаба. Аднакласнікі празвалі яго «жабаю». Ён не адказваў дамашнія заданні, а нешта квакаў. Але адносіўся да яўрэяў ён з лютай нянавісцю. Першы раз такую нянавісць і жорсткасць ён праявіў у дзень масавага расстрэлу уздзенскіх яўрэяў у Яме за татарскім пасёлкам 21 кастрычніка 1941 года Спачатку яўрэяў Узды сагналі ў гета, якое размяшчалася на вуліцах Ленінскай і Кастрычніцкай, а потым туды сталі зганяць яўрэяў з усяго раёна. Перад расстрэлам яўрэяў з Лошы адправілі ў гета Узды. Туды былі адпраўлены настаўніцы Лашанскай СШ Гута Палойка і Дзінштэйн. З сабою дазвалялася браць толькі крайне неабходныя рэчы. Мэблю і хатнюю жывёлу браць забаранялася. Усе вязьні гета, дарослыя і дзеці з 10-гадовага узросту, павінны насіць на левым баку грудзей і на спіне круглыя нашыўкі жоўтага колеру. Хадзіць па тратуару забаранялася, толькі па сярэдзіне вуліцы. За непавінавенне расстрэл. Гета абнеслі з усіх бакоў калючым дротам. Забаранялася выходзіць за межы гета. Немцы і некаторыя паліцаі ў гета як хацелі, так і здзекаваліся з яўрэяў. 16 кастрычніка 1941 года вечарам сабралі у клубе імя Тэльмана вязняў гета, прадстаўнікоў ад кожнай сям’і. Начальнік паліцыі сказаў, што 17 кастрычніка раніцай усе жыхары гета будуць вывезены ў Мінск. Патрэбна надзець на сябе лепшае адзенне, а ўсе лепшыя рэчы і сямейныя каштоўнасці пакласці на віднае месца ў доме. Машыны будуць пададзены к 6 гадзінам раніцы. Многія нават паверылі начальніку паліцыі. Ноччу ў гета прабраўся з Шацка мужчына, які цудам выратаваўся ад пагрому. Ён расказаў, што там было таксама абяцанне вывесці ў Мінск, а на заўтра – знішчэнне. 17 кастрычніка ў 5 гадзін раніцы гета акружылі гестапаўцы і паліцэйскія. Глыбокія рвы вырылі за «грэбляй» (так называлі раён ў канцы мястэчка за рэчкай Уздзянкай). Сведкі расказвалі, што рвы капалі ваеннапалонныя. Якіх пался тут і расстралялі. У 7 гадзін раніцы ў гета прыехалі спецмашыны, у іх заганялі вязьняў гета. Хто не хацеў лезці ў машыну – расстрэльвалі на месцы. Што было там, за грэбляй», расказаў 12-гадовы Эдзік Уельскі, адзіны, хто застаўся ў жывых. Ён расказаў, што ўсіх застаўлялі раздзецца дагала. Забівалі з кулямётаў, трупы скідвалі ў роў. Калі кулямётная чарга давала «прабелы» і агонь не прашываў усіх падрад (часцей гэта былі дзеці), іх скідвалі жывымі ў роў разам з забітымі. Расказвалі, што немец-шафёр ад убачанага страціў прытомнасць. Да глыбокай ночы страчылі кулямёты. Затым сталі чуваць адзіночныя выстралы. Некалькім яўрэям у пачатку вайны ўдалося эвакуіравацца ў тыл, і яны засталіся жывымі або пайшлі ў армію ваяваць з фашыстамі. Некалькі яўрэяў выратавалася ад расстрэлу. Калі павялі на расстрэл, то 12-гадовая Крэйна і 9-гадовы Шолам Кац уцяклі, але Крэйну паліцаі застрэлілі, а Шоламу ўдалося ўцячы, перахавацца, а потым сустрэцца з бацькам у партызанах і дажыць да перамогі.
Мясціны, дзе хаваліся Хаім і Лейзер Шэўрыны.
Спачатку ўдалося выратавацца ад расстрэлу братам Шэўрынам. Старэйшаму Хаіму было ўжо 17 гадоў. У 1937 ён скончыў 7 класаў Лашанскай школы. Хаім Шэўрын, нізкага росту, заікаўся, але вучыўся добра. У іх доме была аптэка, ён пасля школы паступіў у фармацэўтычнае вучылішча, закончыў яго ў 1941 годзе, стаў аптэкарам, але папрацаваць не паспеў. Ён уцёк з малодшым братам Лейзерам у лес. Жылі яны ў густым ельніку паміж Лошай і Даўгінавам. У ельніку з яловых лапак яны зрабілі шалаш, на зямлю наклалі слой лапак, у шалашы яны і спалі. Ежу прасілі ў аднакласнікаў і знаёмых. Раскладалі невялікі агеньчык. Прытульваліся адзін да другога і так спалі. Зіма 1941 г. была ранняй і суровай. Успамінае Міхаіл Канстанцінавіч Лазар: «Аднойчы позна вечарам прыйшлі яны і да мяне. Валёнкі прамоклі і сталі змярзацца. Абодва былі прастужаныя. Галодныя і халодныя. Я з бацькам пакармілі іх і пасадзілі на печ, каб разагрэць ногі. Маці мая памерла напярэдадні вайны. На печы яны абагрэліся, сцягнулі валёнкі, разаслалі мокрыя анучы. Бацька развёў цеста на хлеб. Назаўтра хлеб быў спечаны. Было што ім даць з сабою. Яны хацелі ісці зноў у лес. Хаім казаў, што калі паліцаі іх зловяць, то расстраляюць не толькі іх, а і ўсю нашу сям’ю. Мы ўгаварылі іх пераначаваць яшчэ адну ноч, бо валёнкі былі яшчэ сырыя. Толькі раніцаю наступнага дня, сухія і абагрэтыя, яны пайшлі ў свой шалаш. Мы далі ім з сабою вялікі бохан цёплага хлеба і прадукты харчавання. Пасля гэтага яны да мяне не прыходзілі. Прыходзілі да другіх аднакласнікаў». Трухан Ганна Іосіфаўна, жыхарка вёскі Крэстінтэрн, расказвае: «Па вечарах у вёску прыходзілі два яўрэйскія хлопчыкі, якія жылі ў зямлянцы ў лесе. Памятаю, як мая мама каля нашага дуба іх стрыгла, каб пазбавіць ад вошай. Мама і другія жанчыны давалі ім яду. Прыходзілі яны вечарам, днём баяліся". Трухан Аляксандр Паўлавіч успамінае: «Два браты Шэўрыны хаваліся ў лесе каля вёскі Лоша (месца называецца Шавецкае), дзе выкапалі зямлянку. Зімой яны прыходзілі да маёй бабулі Трухан Ганны (у вёсцы Касцюкі яе звалі Аляксеіха), яна іх карміла, давала цёплае адзенне. Памагалі ім многія жыхары вёскі. Балюча ўспамінаць маю маму Трухан Дору Самуілаўну (Палей Дору Самуілаўну), якую летам 1942 расстралялі немцы. Яна працавала настаўніцай замежнай мовы, добра валодала нямецкай і англійскай мовамі». Палей Дора Самуілаўна нарадзілася ў 1914 годзе ў Краснай Слабадзе Мінскай вобласці. Настаўніца, выкладала нямецкую мову, валодала англійскай і французскай мовамі. Палей Фаня, 1885 года нараджэння, (дзявочае прозвішча Валенрод, – маці Доры Самуілаўны) пражывала ва Уздзе. Бацька Доры Самуілаўны – Палей Самуіл – быў равінам ва Уздзе. Маці і бацьку расстралялі ў час масавага расстрэлу Уздзенскага гета. Брат Рувім жыў у Ленінградзе, прайшоў усю вайну, другі ж брат Лазар жыў у Львове, затым у Саратаве. Калі пачалася вайна, Дора Самуілаўна знайшла параненага мужа Трухана Паўла Аляксеевіча і на карове прывезла яго ў Касцюкі. Каб пазбегнуць расстрэлу, яе пахрысцілі зімой 1941 года ва Уздзе і памянялі дакументы на Трухан Дар’ю Сямёнаўну. Летам 1942 года (чэрвені-ліпені) раніцай паліцаі, якімі кіраваў Жыбурт, уварваліся ў дом бацькоў мужа Трухана Паўла Аляксеевіча, дзе яны пражывалі разам з сынамі. З дому нікога не выпускалі. Перад адыходам Дора абняла і пацалавала дзяцей, мужу сказала: «Беражы дзяцей, Паўлуша». Дору Самуілаўну і яшчэ 7 яўрэяў з вёсак Калінінск і Пырашава расстралялі ў лесе паміж Лошай і Валяр’янамі. У снежні 1942 года Трухана Паўла Аляксеевіча разам з сынамі забралі ў Уздзенскае гестапа. Аляксандру было 7 гадоў, Аляксею – 4 гады. Успамінае Трухан Аляксандр Паўлавіч: «Нас памясцілі на першым паверсе ў будынку беларускай школы. На вокнах былі жалезныя рашоткі, а шкла не было. Мы павінны былі сядзець паўз сцяну, выцягнуўшы ногі і апусціўшы рукі. У камеры акрамя нас было яшчэ тры чалавекі, печка не тапілася, і было вельмі холадна. Ахоўвалі нас літоўцы, адзін з іх на трэція суткі прыйшоў, падпаліў печку і, дастаўшы пісталет, настаўляў яго на нас і гаварыў, што ён забіў 5 камісараў. Праз чатыры або пяць дзён нам наша суседка Трухан Вольга прывезла перадачу (хлеб і сала). Запомнілася тое, што тата мне адрэзаў як старэйшаму большы кавалак сала, а мой малодшы брат дапытваўся ў таты: «А чаму ў Шуры скварка большая, чым у мяне?» Помню, як нас адпускалі з гестапа. Прывялі ў невялікі пакой, дзе на стале ляжалі аўтамат і дзве гранаты. Немец выйшаў, а тата упіўся вачыма ў гэту зброю. Забірала нас суседка Трухан Вольга» Пасля вызвалення Трухан Павел Аляксеевіч пайшоў у партызаны. Махнач Сафія Аляксандраўна расказвае: «Калі пачалася вайна, многія яўрэі пакінулі вёску, тых, што засталіся, немцы забралі ва Узду. Восенню 1941 года мы капалі бульбу дома і пачулі стрэлы з боку Узды, пасля даведаліся, што гэта расстрэльвалі яўрэяў.
Месца расстрэлу Доры Самуілаўны
і яўрэяў в. Калінінск і Пырашава. У час вайны вярнуўся у нашу вёску мой настаўнік рускай мовы і літаратуры Трухан Павел Аляксеевіч са сваёй жонкай Палей Дорай Самуілаўнай і двума сынамі. Яны жылі разам з бацькамі Паўла Аляксеевіча. Аднойчы ў Касцюках немец збіраў па хатах яйкі. Дора з ім загаварыла па-нямецку, ён адразу сказаў «Юдэ», і яна замаўчала. Летам 1942 года Дору Самуілаўну і яшчэ адну яўрэйскую сям’ю з вёскі Калінінск забралі немцы, гаварылі, што павязуць жыць у Мінск, але па дарозе ў Валяр’яны ў чарнічніку (насупраць кар’ера) іх расстралялі. Немцы пасылалі на работу нават дзяцей (мне было 10 годоў). Яны высеклі лес ад дарогі на 200 метраў, і мы сабіралі там галлё. З намі была Зося, жонка брата Паўла Аляксеевіча, і мы, хаваючыся, прыйшлі на месца расстрэлу. Забітыя ляжалі прама на версе ямы, яўрэйка з Калінска была цяжарная. Затым забралі Паўла Аляксеевіча з сынамі ў гестапа ў Узду. Старастам у нас выбралі людзі Наркевіча. Яму Павел Аляксеевіч перадаў запіску, каб бацька сабраў подпісы з людзей, што ён сувязі з партызанамі не меў. Нашы людзі падпісаліся, Наркевіч завёз подпісы ў Узду, і Паўла Аляксеевіча з сынамі выпусцілі. Пазней ён пайшоў у партызаны, а Наркевіч выкраў подпісы, каб немцы не расстралялі жыхароў вёскі» Успамінае Корзун Ігнат Сямёнавіч: «Усе яўрэйскія сем’і адправілі ў Узду. Там я выпадкова сустрэў сваю настаўніцу Гуту Палойка. На яе аддзенні была нашыта метка з жоўтай матэрыі. Над такімі асабліва здзекаваліся паліцаі. Калі ўсіх яўрэяў павезлі на расстрэл, удалося ўцячы дванаццацігадовай Крэйне і дзевяцігадоваму Шоламу Кацам. Аднак дзяўчынку паліцаі застрэлілі, а Шолам пайшоў да партызан. Спачатку выратаваліся ад расстрэлу браты Хаім і Лейзер Шэўрыны. Яны хаваліся ў лесе. У час восеньскіх замаразкаў па тонкім лёдзе праз балоты дабіраліся яны познім вечарам да нашага дома, каб пагрэцца, пасушыць адзенне і паесці. Мы ім ні у чым не адмаўлялі. Раніцой яны вярталіся ў лес. Аднойчы яны адшукалі зямлянку, у якой калісьці падсочнікі хавалі нарыхтаваную жывіцу. Прязджаючы міма, паліцаі заўважылі дымок, зайшлі ў зямлянку і забралі хлопцаў. Адвезлі ва Узду і расстралялі. Пейска, Лейба, Ара Палойкі хаваліся ў вясковай лазні, дзе ляжала льнотраста. Хтосьці выдаў іх паліцыі, усе трое былі расстраляны» Паліцаі знайшлі месца схову братоў Шэўрыных па слядах на снезе, арыштавалі, завезлі іх ва Узду і там расстралялі. Да іх расстрэлу прылажыў руку і Аляксейчык Алесь (Жаба) Пейска, Лейба і Арон Палойкі хаваліся ў беларускіх сем’ях. Аднойчы яны начавалі ў лазні ў вёсцы Заранкова. Аляксейчык Алесь (Жаба) з групай паліцаяў заглянулі ў лазню і ўбачылі яўрэяў. Паліцаі ўсіх траіх расстралялі. Урача Раісу Саламонаўну Бусловіч вырашыў выратаваць Трухан Іван з Касцюкоў. Ён ажаніўся з ёй. Яна жыла ў яго сям’і разам з маці і малодшым братам. Іван бярог сваю прыгажуню. Але аднойчы ён адлучыўся з дому. У гэты час з’явіўся ў Касцюках паліцай «Жаба». Ён завёў Раісу ў Чарнічнік і застрэліў. Так Аляксейчык Алесь ператварыўся ў крыважаднага кракадзіла, які не мог жыць, каб не напіцца яўрэйскай крыві. Пасля вайны Аляксейчыка судзілі і далі 25 гадоў, хаця яго патрэбна было расстраляць. Праз некалькі гадоў яго выпусцілі, і ён з’явіўся ў Баравых. Калі мужчыны Баравых аб гэтым даведаліся, то вырашылі адпомсціць паліцаю і сталі збірацца ў групу. Аляксейчык адчуў гэта і кінуўся ўцякаць. Ён паспеў дабегчы да шашы. Якраз па ёй ішла машына. Ён сеў у машыну і ўцёк, але больш у Лошы не з’яўляўся. Трухана Івана фашысты забралі ў Германію. Па дарозе ён і яшчэ некалькі мужчын з Лошы праламалі дзірку ў вагоне цягніка і ўцяклі. Пасля вайны ён некаторы час жыў ў Мінску. Тэвал Штэйн і ягожонка Роза, дачка Малка, сын Міхля расстраляны, у час знішчэння Уздзенскага гета. Сын Міхал загінуў на фронце. У жывых засталася дачка Бася, якая жыве ў ЗША ў горадзе Кліўлендзе. Арышты і расстрэлы яўрэяў Лошы праводзіліся пад кіраўніцтвам начальніка Уздзенскай жандармерыі В. Алента (немец, забіты партызанамі) і начальніка Уздзенскай паліцыі Длатоўскага. На фронце загінуў Абрам Новадворац, Розаў Нішон Абрамавіч у арміі з 1939 г. Вызваляў Заходнюю Беларусь, ваяваў з фінамі, а з першых дзён вайны – на фронце. У 1943 г. быў кантужаны, цяжка ранены. Пакуль лячыўся ў шпіталях, вызвалілі і Лошу. Застаўся інвалідам. У 1941 г. згарэў яго дом у Лошы, немцы расстралялі яго жонку і дзяцей. Прыйшлося жаніцца ў другі раз. Яго пасляваенны сын Розаў Валерый Мікалаевіч жыве ў Хатлянах, такі ж добры і жартаўлівы. Дачка Святлана жыве ў Мінску. Пасля вайны Нішон Абрамавіч больш у самадзейнасці не выступаў, хаця і ўмеў пажартаваць, ды і яго напарнік, клоун Абражэвіч Міхаіл, загінуў ад кулі паліцая ў час вайны. Пасля вайны Нішон Абрамавіч аднаўляў гаспадарку: аднавіў хлебазавод ва Уздзе, многа гадоў працаваў у гандлі. У яго магазіне заўсёды былі тавары, якіх не было ў іншых месцах. Добры, таварыскі, памяркоўны, жыццярадасны – такім помняць яго ўсе, хто яго ведаў, з кім ён працаваў.
Ісак Абрамавіч і яго сын Шолам –
верхні рад. Застаўся ў жывых з лашанскіх яўрэяў Кац Ісак Абрамавіч і яго сын Шолам. Успамінае прыёмная дачка Каца Ісака Абрамавіча, Трухан Валянціна Майсееўна «У бацькі Каца І.А. было пяцёра дзяцей: чатыры сыны і дачка. Два браты Міхаіл і Самуіл загінулі на фронцё, Залман згарэў у сваім доме ў час бою за Лошу ў чэрвені 1941 года. Сястра працавала да вайны медсястрой у Маскве. Летам 1941 яна прывезла да маці ў Лошу свайго сямігадовага сына. Маці і сына немцы расстралялі. Ад расстрэлу ўдалося выратавацца Ісаку Абрамавічу. Напярэдадні расстрэлу яўрэяў ён па загаду немцаў пераганяў статак кароў у Дзяржынск. Па дарозе назад яны засталіся начаваць у вёсцы Вуса, там і даведаліся, што немцы расстрэльваюць яўрэйскія сем’і. Калі жонку Каца І.А. павялі на расстрэл, то 9-гадовы Шолам сказаў сваёй сястры Крэйне, што трэба ўцякаць, і яны кінуліся праз калючую агароджу. Крэйна зачапілася за дрот спадніцай, і паліцай яе застрэліў, а Шолом уцёк, прабраўся у Лошу. У іх доме жыла Салавей Аляксандрына, якая хавала яго ў падпечку. Пасля яго забраў бацька ў партызанскі атрад.» Успамінае Салавей (Клюява) Ніна Іванаўна, дачка Салавей Александры Іванаўны: «Мой тата, Салавей Іван Фёдаравіч 1901 года нараджэння і мама Салавей Александра Паўлаўна, 1903 года нараджэння, сябравалі да вайны з сям’ёй Каца Ісака Абрамавіча. У час бою 29 чэрвеня наша хата згарэла, мы жылі на папялішчы, цудам уцалела печка, мама мяне і брата з сястрычкай укладвала спаць на ёй і прыкрывала фанеркай. Потым Кац Ісак Абрамавіч запрасіў нас жыць да сябе. Калі сталі збіраць яўрэяў ва Уздзе, мой тата гаварыў Кацу: «Ідзі ў лес з сям’ёй, немец яшчэ не ўзяў Маскву (тата слухаў радыёпрыёмнік з навушнікамі ), рабі зямлянку, зброі шмат раскідана па лесе, бо у нас стаяў фронт, да і чырвонаармейцаў можна сустрэць у лесе.» Але Кац І.А. не паслухаў парады аднавяскоўца, і адвёз, як загадвалі немцы сваю сям’ю ва Узду. У час расстрэлу яўрэяў удалося выратавацца сыну Каца І.А., Шоламу, 1934 года нараджэння. Да нас ён прыйшоў ноччу, пастукаў у акно і сказаў: «Дзядзя Ваня, гэта я – Шолам, адчыніце». Яго накармілі, ён быў так змораны, што на печы праспаў два дні. Нам мама забараніла гаварыць, пра тое, што ён у нас. Днём ён хаваўся ў падпечку, а вечарам, калі хто небудзь чужы прыходіў у хату, мы закідвалі Шолама трэскамі, а самі рабілі выгляд, што гуляем на печцы. Праз некаторы час ноччу прыйшоў Кац І.А., ён абняў майго тату і загаласіў: «Іван, я цябе не паслухаў, забілі ўсю маю сям’ю». Тады тата на яго накрычаў, каб ён супакоіўся, бо людзі могуць пачуць, потым падвёў яго да ложка, дзе спаў Шолам, са словамі: «Паглядзі, вось твой сынок жывы!» Тата з мамай далі Ісаку Абрамавічу пілу, сякеру, цёплае адзенне і яду, і яны пайшлі ў лес, бо заставацца было небяспечна. Кац І.А. потым яшчэ некалькі разоў прыходзіў да нас. Многа выпрабаванняў выпала на нашу сям’ю ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Спачатку згарэла хата, жылі на папялішчы, але Кац І. А., даў прытулак у сваім жыллі. Мая мама разумела, што перамога прыйдзе хутчэй калі кожны з нас будзе дапамагаць чырвонаармейцам і яна неадукаваная, але верная сваёй Радзіме, сваім вызваленцам, пад пагрозай знішчэння ўсёй нашай сям’і, насіла ў лес ежу воінам-чырвонаармейцам. Не пашкадавала вайна і маіх родных, бо немцы забралі ў Германію майго старэйшага брата Салаўя Івана Іванавіча, разам з татам Салаўём Іванам Фёдаравічам, там яны працавалі на рамонце нямецкай чугунцы. Іх вызвалілі з нямецкага палону амерыканцы, дзякуючы гэтаму ім удалося вярнуцца на Радзіму. Калі закончылася вайна наша сям’я сябравала з Кацам І.А. і Шоламам. Так сяброўскія адносіны нашай сям’і і сям’і Кацаў, якія склаліся яшчэ перад нямецкай навалай, былі правераны самым страшным выпрабаваннем – вайной». Кац Ісак Абрамавіч сустрэўся ў лесе каля Гуты з Пакроўскім і афіцэрам Чырвонай арміі Дзенісевічам і змагаўся ў партызанскім атрадзе. Каля ста яўрэяў было знішчана фашыстамі ў 1941–1942 гадах. Удалося ўстанавіць некаторыя імёны ахвяр фашысцкага тэрору:
На фронце загінулі:1. Новадворац Абрам, (месца і час гібелі невядомы); 2. Кац Міхаіл Абрамавіч, (дата гібелі 14.09.1941 года Кніга Памяць г. Ленінград т. 17., месца гібелі невядома); 3. Кац Самуіл Абрамавіч, (дата гібелі 25.12.1943 года в.Елховка; 4. Штэйн Міхал, 1920 года нараджэння (месца і час невядомы); 5. Сапожнікаў Хаім, 1892 года нараджэння, загінуў у 1943 годзе. Успаміны Каца І.А.
Пасведчанне Каца І.А.
Расказвае І.А. Кац, які прайшоў вайну ў партызанскай брыгадзе «Беларусь». У пачатку ліпеня 1941 года нямецка-фашыцкія ўлады арганізавалі ва Уздзе яўрэйскае гета. Яно размяшчалася па вуліцах Ленінскай, Пралетарскай і Кастрычніцкай. Сюды былі звезены яўрэі з вёсак Лоша, Магільна, а таксама яўрэйскія сем’і з вёскі Пясочнае Капыльскага раёна. Мэта злачыннай акцыі фашыстаў стала вядома, калі 17 кастрычніка 1941 года гет акружылі нямецкія салдаты і паліцэйскія. Было ўчынена масавае забойства мірных жыхароў. Расстрэльвалі людзей на ўскрайку лесу, у канцы вуліцы Кастрычніцкай. Мала каму ўдалося пазбегнуць смерці. Гэта была чарговая аперацыя нямецка-фашысцкіх акупацыйных улад па забойству яўрэяў. У той дзень загінула каля 500 чалавек Напярэдадні мяне адправілі пераганяць статак кароў па загаду немцаў у г. Дзяржынск, па дарозе назад мы засталіся начаваць у вёсцы Вуса, так мы ўратаваліся ад расстрэлу. Пасля гэтага я пайшоў шукаць партызан, у 18 км. ад вёскі Лоша найшоў атрад Пакроўскага, які потым вырас у брыгаду «Беларусь». У першы бой мы уступілі на востраве Воўчая града ў 1941 годзе перад Новым годам, бой быў нядоўгі. Праз 6 дзён немцы зноў напалі на нас. Наш атрад і атрад Сяргіеўскі злучыліся і сталі дзейнічаць сумесна. Затым атрад пайшоў у Пухавіцкі раён, па дарозе да нас далучылася яшчэ 25 чалавек. У вёсцы Клінкі мы стаялі паўтара месяцы. 5 сакавіка 1942 года пасля бою з немцамі ў наш атрад дабавілася 60 чалавек – атрад «Дэпутат». У нашым атрадзе было каля 400 чалавек, і арганізавалі 3-ю роту. Пасля 5 сакавіка 1942 года пачалася блакада. У першым баі нам удалося даведацца пра планы немцаў, і мы вырашылі перахітрыць ворага. Назбіралі галінак і распалілі касцёр, а самі пайшлі. Немцы рашылі, што там стаяць партызаны, і накіравалі туды самалёты. А мы перайшлі ў вёску Верх Рэк. Наш атрад умацоўваўся. Мы ўстроілі засаду на немцаў і ўзялі трафеі – 6 ручных кулямётаў. Немцы працягвалі наступленне. Ноччу наш атрад пайшоў на усход. Мы пайшлі да вёскі Русаковічы, там былі два дні, а потым пайшлі на Кабыльніцкія балоты. Патрэбна было прарвацца з нямецкай блакады. Ноччу мы прарваліся праз дарогу Пухавічы–Чэрвень, пераправіліся раз раку Свіслач, затым Волму. Так мы вырваліся з акружэння. Пасля па загаду штаба мы дзейнічалі ў Пухавіцкім і Рудзенскім раёнах. У 1944 годзе ў 5 км. ад Рудзенска на рацэ Пціч мы злучыліся з Чырвонай Арміей». Яны ратавалі яўрэяўНеабходна расказаць аб маіх земляках, якія заслугоўваюць звання «Праведнік народаў свету». Рызыкуючы сваім жыццём, жыццём сваіх родных і блізкіх, яны ратавалі ад смерці сваіх аднавяскоўцаў яўрэяў.
Да лета 1942 года жыхары вёсак Калінінск і Пырашава хавалі дзве яўрэйскія сям’і. На жаль, устанавіць імёны яўрэяў і іх выратавальнікаў не ўдалося. Мы наўрад ці калі-небудзь даведаемся, колькі выпадкаў выратавання і колькі сапраўдных Праведнікаў было на самай справе, але нам трэба працягваць работу, каб людзі атрымалі заслужанае імі, але часта запозненнае прызнанне. Іх імёны і подзвіг становіцца дасягненнем будучых пакаленняў, прыкладам, які сцвярджае, што змагацца са злом можна нават паасобку. З гісторыі яўрэйскіх сем’яўНайбольш яўрэяў у Лошы жыло з роду Палойкаў. У Лошы ў ліпені 1902 г. нарадзіўся Залман Вульфавіч Палойка. Разам з бацькам пачаў шыць кажухі для навакольнага насельніцтва. У 1920 годзе ўступіў у камсамол, быў актыўным удзельнікам калгаснага, каператыўнага руху. Пасля смерці У. Леніна адгукнуўся на так званы «ленінскі прызыў» – стаў членам партыі. У пачатку 30-х гадоў сям’я пераязджае ва Узду. Залмана Вульфавіча Палойку, як актывіста, прызначаюць інструктарам райкома партыі (1931-1934 гг.), затым ён становіцца слухачом курсаў марксізму-ленінізму пры ЦККП(б). Скончыўшы іх, атрымаў накіраванне на працу загадчыкам парткабінета Журавіцкага райкома партыі Гомельскай вобласці. Да вайны быў тут і загадчыкам аддзела адукацыі райвыканкама, аддзела прапаганды РК КП(б). Дакументы пацвярждаюць яго працоўны стаж на розных пасадах з 1920 года. Там, на Гомельшчыне, сям’я Палойкаў і сустрэла Вялікую Айчынную вайну. Жонку Фаіну Ільінічну з трыма дзецьмі (Уладзіміру было 12 гадоў, Клары – 7 гадоў, Генадзю –2) разам з сем’ямі іншых партработнікаў на падводах адвезлі за 50 кіламетраў у вёску Карма – разлічвалі, што праз дзён колькі немцаў пагоняць назад. А Залман Вульфавіч – у адступленне. Удалося вырвацца з акружэння. Адна з даведак, датаваная 16 ліпеня 1941 года, сведчыць аб тым, што «...палітрук запасу Палойка ўпаўнаважваецца райваенкаматам у Журавіцкую бальніцу для арганізацыі меддапамогі параненым ваеннаслужачым і перапраўкі іх у Кармянскі раён» Пасведчанне ад 30 чэрвеня 1941 года ўпаўнаважвае З. Палойку арганізоўваць харчовыя пункты для бежанцаў, ачышчаць шашу ад пакінутых аўтамабіляў.
З.В. Палойка (у цэнтры)
з франтавым сябрамі. Усіх просяць аказваць яму дапамогу. З верасня 1941 года З.В. Палойка ўдзельнічае ў баях пад Масквой і з’яўляецца адказным сакратаромбюро КП(б) 510-га змешанага авіяпалка, які стаяў у вёсцы Ярцава пад Масквой. З.В. Палойка навучыўся лятаць на самалёце і разам з франтавымі сябрамі ўдзельнітчыў у паветраных баях пад Масквой. Пасля яго ліквідацыі – на Трэцім Беларускім. Змяніў авіяцыю на аўтатранспартны полк, дзе быў сакратаром партбюро 2 батальёна. Падраздзяленне забяспечвала перадавыя пазіцыі боепрыпасамі. Удзельнічаў Залман Вульфавіч ў вызваленні Беларусі. Калі яго полк праходзіў міма Узды (паблізу Шацка), адпрасіўся ў камандзіра на некалькі гадзін, заскочыў на радзіму. У іх доме жылі ў той час іншыя людзі (сям’я ў гэты час была ў эвакуацыі ў в. Пакроўка Чкалаўскай (цяпер Арэнбургскай) вобласці. Зайшоў да сакратара райкома партыі Сцяпанава, той даў выклік, каб сям’я вярталася на вызваленую тэрыторыю. Аднак не ўсе Палойкі сабраліся пасля вайны разам – 17 кастрычніка1941 года фашысты знішчылі ва Уздзе 1740 яўрэяў, сярод іх – 28 родзічаў Залмана Вульфавіча Палойкі. А вызваленчы шлях З. Палойкі працягваўся. Былі цяжкія баі на тэрыторыі Прыбалтыкі, цяперашняй Калінінградскай вобласці, Германіі. Аб мужнасці і гераізме нашага земляка ў гэты час сведчаць медаль» За ўзяцце Кёнігсберга», ордэн «Чырвонай Зоркі». У маі 1945 года давялося ўдзельнічаць і ў баявых дзеяннях супраць імперыялістычнай Японіі. Вярнуўся Залман Вульфавіч дамоў у верасні 1946 года. Працаваў загадчыкам аддзела адукацыі і прапаганды Уздзенскага райкома КПБ, загадчыкам райфінаддзела, быў дэпутатам раённага Савета некалькіх скліканняў. Пасля ліквідацыі раёна ў 1962 годзе пайшоў на пенсію, але працаваў інспектарам камісіі партдзяржкантролю. У гэтым службовым кабінеце і застала яго смерць у 1966 годзе. Жонка, Фаіна Ільінічна, якая здолела захаваць сям’ю ў ваеннае ліхалецце, усё жыццё прысвяціла рабоце ў бухгалтарскай сістэме. Дачка Залмана Вульфавіча – Клара Сяменаўна закончыла Уздзенскую рускую школу і факультэт англійскай мовы Калінінскага інстытута замежных моў, працавала настаўніцай англійскай мовы ў горадзе Мінску. Малодшы сын – Генадзій Сямёнавіч скончыў Калінінскі медыцынскі інстытут, працаваў загадчыкам рэнтгеналагічнага аддзялення Вілейскага РТМА. Старэйшы сын – Уладзімір Сямёнавіч у 1941 годзе ў эвакуацыі ўступіў у камсамол, у 1956 – у партыю. Пасля вайны сканчыў школу, філасофскае аддзяленне БДУ. Ён апошні з роду Палойкаў, чыё жыццё было звязана з Лошай. Пасля заканчэння універсітэта Уладзімір Сямёнавіч працаваў настаўнікам гісторыі ў Лашанскай сярэдняй школе. Пасля працаваў дырэктарам Ліцвянскай, Уздзенскай СШ № 1. Сын Уладзіміра Сяменавіча – Палойка Барыс Уладзіміравіч – скончыў Уздзенскую СШ №1, Беларускі інстытут механізацыі і электрафікацыі сельскай гаспадаркі, працаваў інжынерам у Уздзенскай сельгастэхніцы, цяпер прадпрымальнік у горадзе Мінску. Дачка Ала мае вышэйшую эканамічную адукацыю, некалькі гадоў працавала ў Ізраілі, на сёняшні час – прадпрымальнік у г. Мінск. Унук – Карэмбега Владлен Умаравіч – мае вышэйшую юрыдычную адукацыю. Некалькі год жыў у Ізраілі, адслужыў там у арміі, працаваў трэнерам па боксе, быў чэмпіёнам горада Іерусаліма. Вучыўся ў Іерусалімскай іешыве. Родныя карані клікалі домоў, і ў 2011 годе Владлен прыехаў у Мінск. Майсей Рыжавецкі працаваў цырульнікам, частку свайго дома ён здаваў у арэнду пад сталярную майстэрню уздзенскай арцелі «Прагрэс», у дадатак да гэтага ён быў жартаўніком. Такім жартаўніком быў і прадавец у вінна- водачным магазіне Розаў Нішон Абрамавіч. У 1937 г. лашанскую царкву разабралі, а з бярвенняў царквы пабудавалі хату – чытальню. Сінагогу пераўтварылі ў клуб. У свята моладзь выступала ў клубе з мастацкай самадзейнасцю. Выступалі яўрэі і беларусы, часта сумесна пелі і танцавалі. Майсей Рыжавецкі расказваў смешныя жарты. Розаў Нішон Абрамавіч расказваў пра п’яніц, гультаёў, смешныя гісторыі з жыцця людзей, а ў гэты час беларус Абражэвіч Міхаіл усё гэта паказваў. Ён быў клоун. Родам з Даўгінава, працаваў у сталярнай майстэрні ў Лошы, вырабляў выдатную мэблю. Да гэтага часу вучыўся ў Маскоўскай цыркавой школе, але захварэў туберкулёзам і прыехаў у сваю вёску. Працаваў у Лошы. Калі праходзіў вечар самадзейнасці ў клубе, абавязкова выступалі Майсей Рыжавецкі, Розаў Нішон Абрамавіч і Абражэвіч Міхаіл. Рыжавецкі выступаў адзін, а Розаў і Абражэвіч выступалі заўсёды ўдваіх. Розаў жартаўліва расказваў, а Абражэвіч паказваў. У час расказу ў яго на галаве займалі розныя позы валасы, паварочваліся вушы, нос, а якія фігуры ён вытвараў рукамі і нагамі! У клубе іншы раз паказваліся нямыя кінафільмы, а потым і гукавыя.
Сын Шолам з жонкай і дачка Валянціна з мужам.
Кац Ісак Абрамавіч пасля вайны працаваў у калгасе імя Ільіча, пасля ў Лашанскім лясніцтве і жыў у в. Лоша. У партызанскім атрадзе ён сустрэў сваю друю жонку – Вольгу Дзмітраўну, у яго нарадзіліся дачка і сын. Вольга пасля заканчэння Лашанскай школы і тэхналагічнага тэхнікума працуе ў горадзе Багушэўску. Сын Міхаіл жыве ў горадзе Мінску. Працаваў на трактарным заводзе у 1986 годзе ўдзельнічыў у ліквідацыі аварыі на ЧАЭС. Шолам змагаўся ў партызанскім атрадзе, пасля вызвалення вучыўся ў Лашанскай школе, дзе выдзяляўся сярод вучняў, бо хадзіў у гімнасцёрцы з медалём «Партызану Беларусі». Пасля працаваў разам з бацькам у лясніцтве, адслужыў у арміі, доўгі час працаваў шафёрам у Мінску. Трагічна загінуў у час рэйсу пад горадам Ленінградам. Дзве яго дачкі Галіна і Яўгенія разам з маці жывуць у Ізраілі. Пасля вайны сыны Палей Доры Самуілаўны Аляксандр і Аляксей скончылі Лашанскую сярэднюю школу і паступілі ў Кіеўскае ваеннае вучылішча. Аляксей служыў ў танкавых вайсках, маёр (на жаль, ён памёр у 2005 годзе) Яго дачка Таццяна жыве ў Мінску, сын Юрый – у Магнітагорску. Аляксандр закончыў Акадэмію імя Фрунзе ў Маскве, служыў у Германіі, начальнікам штаба палка, камандзірам палка. Пасля выкладаў у Кіеўскай ваеннай Акадэміі, палкоўнік, цяпер жыве ў вёсцы Крэстінтэрн. Дачка Вольга жыве ў Мінску, яна настаўніца рускай мовы і літаратуры. Сын Павел жыве і працуе ў Кіеве. Родныя па лініі Валенродаў Іосіф, Яфім выехалі ў Ізраіль. Павел Аляксеевіч помніць, што быў родзіч па лініі бабулі (Фані Валенрод) Гусараў генерал–лейтэнант, начальнік пагранвойск на поўдні СССР, затым ён працаваў у Цэнтральным апараце Узброеных Сіл СССР. Матэрыял падрыхтаваны вучнямi Лошаўскай школы.
|
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Местечки Минской областиМинск • Березино • Бобр • Богушевичи • Борисов • Вилейка • Вишнево • Воложин • Городея • Городок • Греск • Грозово • Дзержинск • Долгиново • Дукора • Дулебы • Зембин • Ивенец • Илья • Клецк • Копыль • Красное • Кривичи • Крупки • Куренец • Ленино • Логойск • Лоша • Любань • Марьина Горка • Молодечно • Мядель • Налибоки • Нарочь • Несвиж • Новый Свержень • Обчуга • Плещеницы • Погост (Березинский р-н) • Погост (Солигорский р-н) • Птичь • Пуховичи • Раков • Рованичи • Рубежевичи • Руденск • Селиба • Свирь • Свислочь • Слуцк • Смиловичи • Смолевичи • Старобин • Старые Дороги • Столбцы • Талька • Тимковичи • Узда • Уречье • Ухвалы • Холопеничи • Червень • Черневка • Шацк • |
RSS-канал новостей сайта www.shtetle.com |
Главная |
Новые публикации |
Контакты |
Фотоальбом |
Карта сайта |
Витебская область |
Могилевская область |
Минская область |
Гомельская область |