Поиск по сайту

 RUS  |   ENG 

Валентина Мороз
«ОТКРЫТИЕ ПАМЯТНИКА»

Ирина Вабищевич
«ИСТОРИЯ ОДНОЙ ФОТОГРАФИИ»

Валентина Левина
«СТРАШНАЯ ПРАВДА О ВОЙНЕ»

Воспоминания Мовши Самуиловича Мулера

Леонид Смиловицкий
«ЭТО БЫЛО В ЧЕРВЕНЕ»

Нина Куманяева
«РАССТРЕЛ»

Аляксандр Валавой
«ВАЕННАЕ СІРОЦТВА»

РОЗЫСК РОДСТВЕННИКОВ

Виктория Мочалова
«РОД КЕРШТЕЙНОВ-МАРГОЛИНЫХ»

Виктория Мочалова
«СЕМЕЙНЫЙ ФОТОАЛЬБОМ»

«ПАМЯТЬ О ЕВРЕЯХ ЧЕРВЕНЯ»

Элеонора Нисневич
«ИСТОРИЯ ОДНОЙ ПЕСНИ»

Ирина Вабищевич
«РОДОСЛОВНАЯ ПАМЯТИ»


Аляксандр Валавой

ВАЕННАЕ СІРОЦТВА

У першыя дні нападу фашысцкай Германіі на нашу краіну, нягледзячы на вераломнасць i нечаканасць нашэсця, з заходніх раёнаў удалося паспець эвакуіраваць шмат матэрыяльных каштоўнасцей. Былі вывезены нават цэлыя заводы. Досыць спраўна, калі мець на ўвазе складаную сітуацыю, у якой адбываліся падзеі, ішлі на ўсход эшалоны з тэхнікай. У лічаныя месяцы, а то i дні, былі перамешчаны ў глюбіню краіны арганізацыі, установы. Вось толькі пра дзіцячыя дамы – практычна забыліся. Бадай i пальцаў на адной руцэ будзе занадта, каб пералічыць дзетдамы, выхаванцам якіх пашчасціла выехаць на ўсход. Большасці ж з іх давялося пакутаваць на захопленай немцамі тэрыторыі. Адна з такіх дзіцячых устаноў напярэдадні вайны знаходзіліся ў Чэрвені.


Напярэдадні

У двухгадовым узросце Ніначка Краснагір засталася круглай сіратою. Нават з далёкіх сваякоў не было каму прытуліць дзяўчынку. Жыхары вёскі Кутузаўка адвезлі маленькую ў Чэрвеньскі дзіцячы дом. Там і пачыналася яе свядомае жыццё.

Жылося выхаванцам дзетдома не вельмі соладка, па-добраму зайздросцілі яны «бацькоўскім» дзецям, з якімі вучыліся ў адной школе, аднак не сумавалі. Знаходзілі сабе паміж пад’ёмам і адбоем цікавыя заняткі: вышывалі, гулялі, канцэрты наладжвалі. Нават жартоўныя вершы складалі ды хорам дэкламавалі iх. Ну, а каб не харчавацца толькі адной дрэннай казеннай кашай, хадзілі ў лес па ягады, грыбы, збіралі шчаўе.

Трыццатае мая было для дзетдомаўцаў заўсёды запамінальным днём. Наставалі цёплыя дзянькі, хлапчукі і дзяучынкі здавалі зімнюю вопратку, бацінкі, атрымлівалі летняе адзенне. Бацінкі на лета ім не выдавалі. Ды што там той абутак! Калі наперадзе лета, канікулы. Пагойсаем і з босымі нагамі.

Вайна

Вось у разгар такога лета і заспела дзетдомаўцаў вайна. А перад тым, як яна пачалася, тры дні і тры ночы ішлі праз Чэрвень калоны чырвонаармейцаў. Кіраваліся у бок Пухавіч. А куды далей і навошта – гэтага цывільныя не ведалі. Між іншым, відаць, і салдаты таксама. Былі яны стомленыя ад доўгага пераходу, запыленыя, з перасохлымі губамі. Нехта з дзяцей паднёс салдату вады. Той прагна выпіў, шчыра падзякаваў. I тады ледзь не увесь дзетдом кінуўся па вёдры, да студні. Давалі салдатам напіцца. Толькі чамусьці афіцэры нагамі выбівалі вёдры. Відаць, па такой гарачыні нельга было піць ваду.

Уражаныя дзённым відовішчам: калонамі салдат, сапраўднай баявой тэхнікай, дзеці пасля непрацяглай гамонкі соладка пазасыналі. Раніцой усе паўскоквалі з ложкаў ад страшэннай грымоты, кінуліся да вокнаў. Неба было яснае, ні хмурынкі. А над Мінскам займалася вогненнае зарыва. Мінск, відавочна, гарэў. Ад чаго? Што здарылася? На гэтыя пытанні ніхто не мог адказаць, пакуль з рупара, што вісеў на слупе ў двары дзетдома, не прагучала: «Вайна».

Раённае кіраўніцтва пазваніла дырэктару дзетдома: збірайце дзяцей для эвакуацыі і чакайце. Дзеці, дырэктар, выхавацелі, нянечкі чакалі доўга. Але так нікога і не прычакаліся.

Недзе пад вечар толькі ў трусах і сакольцы з’явіўся Шурка Астапёнак. Ён прынёс самыя свежыя навіны, расказаў, як нямецкія самалёты бамбілі Мінск.

Шурка – былы выхаванец дзетдома. Вучыўся ў сталіцы. У час паветранага налёту бомба трапіла ў іх інтэрнат. Ен адзін з нямногіх выскачыў з другога паверха разбуранага дома. Усяго, што прыхапіў з сабою, – старэнькі будзільнік. Падаўся з палаючага горада да роднага дому.

На другі дзень над Чэрвенем закружылася «рама». Бомбы з самалёта не ляцелі, але заставацца ў Чэрвені тым не менш было небяспечна. «Эвакуацыю» дзетдома ў лес узяў на сябе васемнаццацігадовы Шурка Астапёнак. Ішлі прыцемкамі, насцярожана. Крыху супакоіліся, калі схаваліся пад густымі кронамі дрэў.

Пакідаючы дзетдом, узялі з сабой хлеб, сала. Але на колькі магло хапіць гэтых мізэрных запасаў прадуктау? А трэба ж было карміць дзесьці 300 чалавек.

У лесе

Трэці дзень адсёджваліся дзеці ў лесе. Што рабіць далей – ніхто не ведаў. «Рама» па-ранейшаму з’яўлялася ў паветры, кружыла над Чэрвенем, пралятала над лесам. Выходзіць з надзейнага ўкрыцця было небяспечна. Але і заставацца на месцы стала немагчыма. Канчаліся прадукты. Колькі іх там прыхапілі? Хлеб з’елі ўвесь. Некалькі смельчакоў наведаліся ў райцэнтр, але вярнуліся амаль з пустымі рукамі, хлебапякарня не працавала. Дзеці смакталі салёнае сала. Нясцерпна хацелася піць.

– Лена, – папрасіў Шура Астапёнак выхавацельку старэйшай групы, – схадзіце ў вёску з хлапчукамі па ваду.

Смагу наталілі. Але данімаў голад. Старэйшыя трывалі. А маленькія плакалі: есці хочацца.

– Вось што, – Шурка ўзлез на пянёк. – Трэба ісці бліжэй да людзей. Там нешта прыдумаем. Давайце збірацца.

Не паспеў Шурка саступіць з пянька, як на палянку выйшлі чатыры юнакі: трое сыноў дырэктара дзетдома Алены Паўлаўны Задорынай – Нетка, Коля, Валодзя і яе пляменнік Гена. Яны разам з дзетдомаўцамі пакінулі Чэрвень.

– Ты, Шурка, заставайся пры дзецях, як адзіны тут мужчына, – сказаў Нетка, – а мы пададзімся на ўсход. Знойдзем нашы часці, папросімся добраахвотнікамі.

Старэйшаму з чатырох было тады васемнаццаць, малодшаму – сямнаццаць. Пайшлі яны ў той дзень на ўсход, у невядомасць. Нетка, развітаўшыся з маці, наказаў ёй: «Беражы дзяцей як зрэнку вока!»

Алена Паўлаўна, праўда, хутка забылася на словы сына. Ледзь толькі дзетдомаўскі лагер сабраўся ў дарогу, толькі пачалі дзеці выходзіць на ўзлесак, як дырэктарша са сваёю сяброўкай немкай Келер (тулілася тая з дзвюма пляменніцамі да вайны пры дзетдоме) употайкі аддзяліліся ад гурту і падаліся наўцёкі. Шурка заўважыў гэта здрадніцтва і крыкнуў:

– Дзеці, ўсе за дырэктарам!

Больш сталыя выхаванцы узялі на рукі маленькіх і кінуліся даганяць Задорыну. Той нічога не заставалася, як спыніцца.

– Ну, добра, добра: прытулю я вас. У сябе дома, – са зласлівай ухмылкай працадзіла дырэктар.

Дзетдомаўцы узялі кірунак на ўскрай Чэрвеня, дзе ў дыхтоўным вялікім доме жыла Задорына. Ішлі ўздоўж лесу. Ішлі ціха, толькі перашэптваліся. І раптам усе спыніліся, застылі, як укапаныя. Ля дарогі ляжалі ў паласатым адзенні дзесяць расстраляных «зэкаў». У чэрвеньскай турме напярэдадні вайны іх было значна больш. Які лёс спасціг астатніх?

Немцы

Пераначаваўшы ў доме Задорынай, выхавацелькі, нянечкі, дзеці разам з дырэктарам вярнуліся ў свой родны кут. Туды ўжо набілася зашмат бежанцаў. Яны, праўда, хуценька пакінулі дзетдом, а яго гаспадары пачалі перш за ўсё гатаваць ежу. Вельмі хацелася “гарачанькага”. Прадуктаў на складзе было ўдосталь. Іх бы хапіла надоўга, каб, пад патураннем дырэктара, не раскралі тыя прадукты нячыстыя на руку людзі, не асудзілі дзяцей на галодную смерць. Цяжкія, змрочныя дні надыдуць пазней, а пакуль дзетдом зажыў, не зусім такім, як раней, але ўвогуле някепскім жыццём.

Чырвоная армія назад не вярталася. Затое 1 ліпеня ў Чэрвень увайшлі немцы. І раней мы бачылі, – успамінае Ніна Аляксандраўна, – меркавалі аб іх па малюнках Кукрыніксаў: гэтакія чорныя д’яблы з рагамі. Многія былі такімі, потым мы ў гэтым пераканаліся, і на самай справе. Вядома ж, мы іх люта баяліся. Закапалі ў зямлю піянерскія гальштукі, значкі, пахаваліся ў спальні, пазавешвалі вокны, цікавалі скрозь шчыліны.

3-за павароту з’явілася калона танкаў і аўтамашын. На поўным хаду спынілася. Увагу немцаў прыцягнуў дзіцячы дом, а, дакладней, былы ваенны гарадок, абнесены зялёным плотам. Адзін танк аддзяліўся ад калоны, зламаў плот і спыніўся каля дома. 3 танка саскочылі гітлераўцы, пачалі аўтаматамі дубасіць у дзверы. Адчыніла дзверы выхавацелька Анастасія Якаўлеўна Барысёнак. Яна добра ведала нямецкую мову і на пытанне: «Хто тут?» ад казала па-нямецку

– Тут дзеці. Салдат тут няма. Яны аддалі ваенны гарадок пад дзетдом…

Калона кранулася і пайшла далей, пакінуўшы ў дзетдоме чалавек сто. Немцы па-гаспадарску размясціліся на тэрыторыі былога ваеннага гарадка, напачатку не зважалі на дзяцей, жылі сваім тылавым жыццём. Любілі збірацца на двары ля слупа з рупарам. Адтуль нёсся голас маскоўскага дыктара: “Вораг у асобных месцах адкінуты з нашай тэрыторыі на некалькі кіламетраў”.

Першае верасня

Для многіх выхаванцаў Чэрвеньскага дзіцячага дома гэта было апошняе “першае верасня” ў жыцці. Hexта не ступіць больш на школьны парог таму, што пасля вайны стане не да вучобы. Трэба будзе зарабляць на кусок хлеба, каб неяк існаваць. Кагосьці немцы вывезуць у Германію, і сляды сірот згубяцца на чужыне. Хтосьці, каб выжыць, пойдзе на службу да немцаў, загіне ад кулі, ці ўцячэ з адступаючымі фашыстамі і таксама згубіцца дзесьці на чужой зямлі. А той-сёй i проста не дажыве да дня вызвалення і памрэ ад голаду вось прама тут, у дзетдоме.

1 верасня 41-га не было ўрачыстым, як да вайны. Не калыхаўся на флагштоку чырвоны сцяг, не гучалі піянерскія рапарты, не былo радасных усмешак на тварах дзяцей. Не выдалі ім, як звычайна раней, новых панчох, бацінкаў. Нацягнулі яны на сябе старое лахмацце. Пісалі на лістках. Сшыткаў не хапала. А пачаўся новы навучальны год з таго, што дзецям загадалі вырваць з падручнікаў партреты Леніна і Сталіна.

Яўрэйскія дзеці

Яўрэйскім дзецям увогуле не давялося павучыцца пры фашыстах. Іх, сорак аднаго хлапчука і дзяўчынку, пасадзілі на тэрыторыі дзетдома ў асобны будынак, абцягнулі яго наўкола калючым дротам. Зрабілі сапраўдную дзіцячую турму. Дзетдомаўцы ўжо ў той час недаядалі. Маленькія ж кучаравыя нявольнікі літаральна галадалі. Ў дзетдоме выхаванцы не ведалі двух рэчаў: што такое грошы і што такое нацыянальнасць. Яны ніяк не маглі уцяміць, чым жа іх сябры так прагневалі гітлераўцаў, чаму над імі здзекуюцца фашысты, так дрэнна кормяць? І, рызыкуючы нажыць непрыемнасці, краліся да “турмы”, передавалі за дрот ежу, якую б і самі праглынулі адным задыхам.

Надзвычай дрэнна кармілі яўрэйскіх дзяцей у іх маленькім гета. Але і гэтай мізэрнай пайкі, відаць, было для іх занадта. А навошта ўвогуле псаваць прадукты на “жыдоўскіх вырадкаў?”, – так, пэўна, думалі фашысцкія нелюдзі, калі грузілі гаротных дзетах на падводы. Грузілі, каб вывезці за Чэрвень і расстраляць. Усіх сорак аднаго.

Былі сярод іх і дашкаляты Амы Львоўны Ясневіч, мясцовага ўрача. Падаліся яны ў бацьку, рускага па нацыянальнасці. Бялявыя, з аблакітнымі вачыма. Маці баялася, каб не пазналi яе разам з дзеткамі фашысты, папрасіла Задорыну прытуліць ix у дзетдоме, узяць на выхаванне. Алена Паўлаўна прыняла малышоў. А потым уласнаручна звяла у гета.

Голад

Вось афіцыйная статыстыка афіцыйных улад акупіраванай Беларусі, чым кармілі дзетдомаўцаў у той час. На дзень ім нібыта выдавалі ў грамах: “Хлеб – 300, мяса – 50,0, бульба – 250,0… кава – 3.0, павідла – 10,0, цукеркі – 10,0”. А вось што на самай справе елi дзеці-сіроты ў Чэрвені восенню 41-га. Сняданне – 1 літр баланды і 100 грамаў хлеба (баланду варылі з разліку на кацёл 12 вёдзер вады, 3 кілаграмы мукі і вядро бульбы. І больш нічога); абед – 1 літр баланды і 41 грам хлеба; вячэра – 1 літр баланды і 100 грамаў хлеба”. Улады ж прытым казалі:“Хай вас корміць Сталін”. Сталін быў далёка, у Крамлі. А пакінуты на волю лёсу дзеці вось тут, у Чэрвені. Яны б перамерлі ўсе як мухі ад “казённай” яды, не прычакаўшы і новага, сорак другога года. Але ж жылі. Самыя маленькія хадзілі жабраваць. І ўсё, што здабывалі, добрасумленна, да крошкі прыносілі ў агульны дзетдомаўскі кацёл. Старэйшыя хадзілі да капцоў, прасілі ў сялян бульбу.

Малады святар на малебне заклікаў прыхажанаў даваць сіротам з кожнага двара хоць па шклянцы малака. Сам назбіраў яек, прынёс у дзетдом. Перадаючы пачастунак, спытаў: ”Дети, что такое хлеб насущный?”. На што дзятва хорам адказала:“Хоть черный, да вкусный”. Не зразумеў святы айцец дзіцячага гумару, пакрыўдзіўся i больш не заходзіў у дзетдом.

А між тым настала суровая зiмa 41/42 года. Смерць пачала касіць дзяцей. Мерлі ў першую чаргу самыя маленькія. Пухлі, наліваліся вадзянкай, прымалі галодную смерць i падлеткі.

Трынаццацігадовая Воля Нялепа, чырванашчокая, поўная дзяўчынка, пачала на вачах марнець, чахнуць. Напала на яе неадольная ікаўка. Дзяўчынка не змагла хадзіць у школу, злягла ў ложак. Адной раніцай яна так і не прачнулася. Сябры не плакалі па ёй. Ад малыша да школьніка старейшіх класаў – усім было усё аднолькава. У галаве свідравала адна думка: “Есці, есцi, есці…”

Мінула зіма. Летам стала жыць хоць крышачку лягчэй. “Падкормлівілi” лес, агарод. Якім яно было кароткім, тое лета сорак другого года! I зноў прыціснулі маразы. I зноў стала жыць проста невыносна. У школу ўжо не хадзілі. Якая там школа! Сядзелі галодныя і халодныя. Паліць не было чым.

– Выратавалі нас ад смерці салдаты расійскай вызваленчай арміі (РВА), – расказвае Ніна Аляксандраўна Краснагip (па мужу Куманяева). – Шмат ix прыбыло ў Чэрвень вясною сорак трэцяга года, чатыры батальёны. Адзін быў раскватараваны на тэрыторыі дзетдома. Салдаты РВА толькі дзетдомаўцаў бралі ў абслугу. Верылі, што нічога не украдзём. Памятаю, дзяжурыш на кухні, абавязкова зварыш вядро наварыстага супу для сябе і таварышаў. Партызаны каня іхняга падстрэляць, яны яго нам аддадуць. Пакуль салдаты РВА стаялі ў Чэрвені, ніводнага дзіцяці не дазволілі вывезці з дзетдома ў Нямеччыну.

Што сабою ўяўляла расійская вызваленчая армія, якое яе сапраўднае месца на гістарычнай карце Вялікай Айчыннай вайны – хай высвятляюць палітыкі, ды тыя ж гісторыкі. Галодным сіроцкім дзецям, пакінутым усімі адзін на адзін з сабою, было аднолькава ад каго прыняць выратавальны кусок хлеба ці лыжку кашы. Аднолькава смачна было з’есці і акраец ад бохана, працягнутага зычлівым нямецкім салдатам. І вылізаць апарожнены кацялок, кінуты дзетдомаўцу пад здзеклівы рогат другога гітлераўца, зусім іншага, чым першы, i пасёрбаць “РВАаўскага” супу. Ім, сіротам, асуджаным на голодную смерць, было усё адно, з чыіх рук прымаць міласціну. Толькі б выжыць. І калі Ніна Аляксандраўна гаворыць, што салдаты расійскай вызваленчай арміі выратавалі ix ад смерці, то тут нічога не аднімеш, не дабавіш. Дарэчы, яны ж пазбавілі дзетдомаўцаў i ад жорсткага дырэктара. Даведаўшыся аб здзеках, якія чыніла над дзецьмі Алена Паўлаўна Задорына, “РВАаўцы” дамагліся яе звальнення.

На змену ёй прыйшоў Ф.С. Астапенка. Так не хацеў ён займаць пасаду дырэктара. Прымусілі. Прымусілі аддаць дзетдомаўскую карову начальніку райуправы Гуцько ў той час, як дзеці галадалі; прымусілі тройчы адправіць сваіх выхаванцаў у Германію. За гэта адразу ж пасля вайны, ён быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі з паражэннем у правах на 5 гадоў і канфіскацыяй маёмасці.

Думаецца, каб тады разглядалі справу Ф.С. Астапенкі з сённяшняга пункту гледжання на падзеі таго часу, напэўна б, пакаранне не было такім строгім. Улічылі б, што Феафан Савіч асабіста не пакрыўдзіў ніводнага выхаванца, прынялі б да увагі, што на каленях поўзаў, вымольваў у немцаў для гаротных дзяцей суп, а вяртаўся ў дзетдом мокры, з макаронамі на твары ад таго супа, вылітага гітлераўцамі яму на галаву. Многое тады не улічвалі. Жорсткі быў час, вельмі шмат пякучых ран нанесла людзям вайна. А факт заставаўся фактам: прымаў удзел у насільнай адпраўцы дзяцей у Нямеччыну.

А пачалі ix вывозіць летам 1943 года з Чэрвеня. У першай партыі налічвалася 16 дзяцей. Выхаванцаў дзетдома вывозілі на чужыну яшчэ двойчы. Усе яны, акрамя Валі Шакаліды, вярнуліся дамоў. Ніна Краснагір таксама. Толькі перад ёю і сябрамі зачыніліся дзверы родных пекатаў. Не пусцілі былых вязняў, без віны абвінавачаных, у свой, адзіны ў свеце дом, маўляў, працуючы ў фашысцкай Германіі, запэцкалі сябе. Слова “крыўда” бадай не змесціць у сабе і тысячнай долі таго шчымлівага болю, які працяў і без таго змучаныя душы падлеткаў. Ім адмовілі ў самым дарагім – вярнуцца ў сваю сям’ю, дакрануцца да ўсяго, што так заварожвала з самага маленства. Ім забаранілі сустрэцца з дзяцінствам: нялёгкім, і ўсё-такі па-свойму шчаслівым. Балюча і крыўдна…

Усё далей і далей адыходзіць ад нас вайна. Усё больш і больш невядомых яе старонак разгортваецца перад намі. Вось адкрылася і яшчэ адна. Пра выхаванцаў дзіцячых дамоў, кінутых на акупіраванай тэрыторыі сам-насам з сабою.

«Дзецi i мы», № 6 (90), сакавiк 1995 г.


Местечки Минской области

МинскБерезиноБобрБогушевичиБорисовВилейкаВишневоВоложинГородеяГородокГрескГрозовоДзержинскДолгиновоДукораДулебы ЗембинИвенецИльяКлецкКопыльКрасноеКривичиКрупки КуренецЛениноЛогойскЛошаЛюбаньМарьина ГоркаМолодечноМядельНалибокиНарочьНесвижНовый СверженьОбчугаПлещеницы Погост (Березинский р-н) Погост (Солигорский р-н)ПтичьПуховичи РаковРованичиРубежевичиРуденскСелибаСвирьСвислочьСлуцкСмиловичиСмолевичи СтаробинСтарые ДорогиСтолбцыТалькаТимковичиУздаУречьеУхвалы ХолопеничиЧервеньЧерневкаШацк

RSS-канал новостей сайта www.shtetle.comRSS-канал новостей сайта www.shtetle.com

© 2009–2020 Центр «Мое местечко»
Перепечатка разрешена ТОЛЬКО интернет изданиям, и ТОЛЬКО с активной ссылкой на сайт «Мое местечко»
Ждем Ваших писем: mishpoha@yandex.ru