Поиск по сайту

 RUS  |   ENG 

Александр Литин
«БЕЛЫНИЧИ. ИСТОРИЯ СТРАШНЫХ ДНЕЙ»

Міхась Карпечанка
«БЯЛЫНІЦКАЕ ГАБРЭЙСТВА: АД ЧАСОЎ ПРАКАВЕТНЫХ ДАСЁННЯ»

Воспоминания Ц. Брод

РОЗЫСК РОДСТВЕННИКОВ

Белыничи
в «Российской еврейской энциклопедии»


Міхась Карпечанка

БЯЛЫНІЦКАЕ ГАБРЭЙСТВА:
АД ЧАСОЎ ПРАКАВЕТНЫХ ДАСЁННЯ

Здавён часу на тэрыторыі бялыніччыны, як і па ўсёй нашай Беларусі, па-суседску мірна жылі-суіснавалі прадстаўнікі самых розных нацыянальнасцяў. Гістарычныя крыніцы, што захаваліся да сённяшняга дня, сведчаць аб адным: сур'ёзных канфліктаў на этнічнай глебе аніколі ў нас не было. Здаралася, канешне, паспрачаюцца сусед з суседам... Кулакамі памахаюць... Чаго не бывае ў жыцці? Але ж ці можна тыя спрэчкі-аплявухі параўнаць з крывавай разнёй, вайной?

У Бялынічах, іншых паселішчах па-суседску побач з беларусамі жылі габрэі, палякі, літоўцы, французы, харваты...

У слаўны час забытай зараз назусім беларусізацыі на бялыніччыне ствараліся нават нацыянальныя сельсаветы, установы. Прыкладам, польскія – Аляксандраўскі, Фелікс-Конанаўскі; дзеіў габрэйскі калгас “Новы шлях”... Ды тое сталася кароткай, як бліскавіца, гісторыяй.

У асобныя перыяды мінулай гісторыі іудзеі аказвалі даволі значны ўплыў на сацыяльна-эканамічнае, культурнае развіццё не толькі Бялынічаў, дзе трывалыя пазіцыі займаў каталіцызм, але і старажытнага Галоўчына, Эсьмонаў. Напрыклад, развіццё школьнай справы на бялыніччыне першымі запачаткавалі менавіта габрэі. Захаваліся пісьмовыя сведчанні, звесткі гэтак званага другога падымнага тарыфу, якія сцвярджаюць, што ў 1703 годзе ў Бялынічах існавала толькі адна школка – габрэйская. На чале з Ізраэлем Моўшавічам. І ёй на правах уласнасці належыла ў мястэчку 11 дымоў [1; 55]. А першая навучальная ўстанова ў сельскай мясцовасці на тэрыторыі сучаснага Бялыніцкага раена для дзяцей, вядома, сялянскіх, праваслаўнага веравызвання ўзнікла ў Эсьмонах і толькі ў 1853 годзе [4; 29]. Ажно праз 150 гадочкаў!

Дакладны час пасялення габрэяў як непасрэдна ў саміх Бялынічах, гэтаксама і ў весках бялыніччыны, высветліць пакуль не ўдалося. Але наяўнасць у мястэчку школы адназначна сведчыць пра даволі-такі ранні іхні прыход. Вядома, што ў 1794 годзе Кацярына ІІ падпісала ўказ аб увядзенні мяжы габрэйскай аселасці на беларуска-літоўскіх, украінскіх землях.

Пачалося прымусовае ссяленне габрэйскіх сем'яў, у тым ліку і ў мястэчкі Бялынічы, Галоўчын, вёску Эсьмоны, якая неўзабаве таксама ўзвысіцца да статуса мястэчка. Разам з гэтым, пераселеным габрэям строга забаранялася трымаць корчмы ў вёсках, арэндаваць панскія землі. Іншымі словамі, яны ў прымусовым парадку павінны былі павялічыць шэрагі месцічаў – жыхароў мястэчак.

Гэты указ, нягледзячы на яго зневажальны, несправядлівы характар, антычалавечую сутнасць, трэба шчыра сказаць, прыдаў значны штуршок працэсу развіцця названых мястэчак. Па-першае, яны, дзякуючы прыроднай схільнасці новых насельнікаў, станавіліся гандлёвымі цэнтрамі, пачала актыўна развівацца і складвацца дробная, кустарная прамысловасць самых разнастайных накірункаў. Па-другое, павялічылася і сама колькасць жыхароў гэтых паселішчаў.

Прысочым дынаміку росту/змяншэння колькасці жыхароў Бялынічаў і Галоўчына на працягу 112 гадоў – у перыяд з 1785 да 1897 гадоў. Паводле звестак за 1785 год, у Бялынічах, якія належалі князю Францішку Ксаверыю Агінскаму, налічвалася 831 жыхароў, а ў Галоўчыне, уладальнікам якога з'яўляўся Міхал Пац, мелі сталае жыхарства 891 чалавекі. Пры гэтым, і па колькасці двароў Галоўчын пераўзыходзіў Бялынічы – у першым мястэчку іх было 116, у другім – 108 [1; 82]. Праўда, інфармацыю аб этнічным складзе насельнікаў гэтых двух мястэчак, на жаль, пакуль адшукаць не ўдалося.

Статыстычныя звесткі па стану на 1860 год яскрава адлюстроўваюць ужо і канфесійны склад насельніцтва. У Бялынічах тады жыло 1100 (па іншых звестках, толькі па стану на 1861 год, – 1945). Прырост за 75 гадоў склаў 269 асобаў. З агульнай колькасці бялыніцкага жыхарства, за найбольш верагодныя бярэм звесткі на 1860 год, 407 (37 працэнтаў) з'яўляліся каталікамі, 365 (33,2 працэнта) – іудзеямі, 328 (29,8 працэнта) – праваслаўнымі. А вось аналагічныя дадзеныя па Галоўчыну, колькасць насельнікаў якога за аналагічны адрэзак часу прыбавілася толькі на 65 асобаў і складала 956 чалавек: каталікоў налічвалася 15 чалавек, праваслаўных было 498, габрэяў – 443. Праўда, зноў жа, як і ў прыкладзе з Бялынічамі, яшчэ адна крыніца сведчыць: па стану на 1861 год у Галоўчыне пражывала 1402 чалавекі [1; 94, 492, 498].

Калі палічыць інфармацыю аб колькасці жыхарства гэтых абодвух мястэчак па ўліку на 1861 год праўдзівай, то прырост насельніцтва ў іх будзе раўняцца адпаведна 1114 і 511 чалавекам. Але такія шпаркія тэмпы падаюцца зусім немагчымымі, малаверагоднымі.

Захаваліся звесткі аб тым, што ў гэты самы перыяд у Галоўчыне дзейнічаў габрэйскі малітоўны дом.

Роўна праз дзесяць гадоў колькасць жыхароў Бялынічаў павялічваецца да 2559 чалавек, а габрэйскага насельніцтва ў працэнтных суадносінах крышачку паменела. Яго доля ў шматнацыянальнай людской супольнасці мястэчка адпавядала ўжо толькі 31,2 працэнта (мінус 2,0 працэнта).

Патлумачыць гэта можна шэрагам аб’ектыўных прычын, галоўнымі сярод якіх, думаецца, з'яўляюцца наступныя: уплыў Бялыніцкага кармеліцкага кляштару і касцёлу з іх паланізатарскай палітыкай; імклівыя тэмпы развіцця Галоўчына ды Эсьмон.

У 1870 годзе ў Галоўчыне пражывала 1041 жыхароў, з якіх амаль 46 працэнтаў былі габрэямі. А з 332 жыхароў Эсьмон больш за палову (54,2 працэнта) таксама складалі іудзеі [1; 95].

У наступныя 27 гадоў назіраецца скарачэнне агульнай колькасці насельніцтва ў Бялынічах да 2215 чалавек. Поруч з гэтым статыстычныя дакументы зафіксавалі павелічэнне колькасці жыхароў Галоўчына (да 1254) і значнае – Эсьмонаў (538). Габрэйскую супольнасць у Галоўчыне складалі 433 чалавекі, у Эсьмонах – 214, у Бялынічах – 1063 [1; 95]. Пачынаючы з 1860 года назіраем узвышэнне Бялынічаў і выдзяленне іх у дамінантны гандлёва-гаспадарніцкі, рэлігійны, найперш – каталіцкі, культурніцкі асяродак. Вызначала гэту тэндэнцыю галоўным чынам як павелічэнне агульнай колькасці жыхароў, так і дзейнасць іудзеяў у галіне эканомікі, а каталікоў – у сферы духоўнай.

Варта заўважыць, што цягам пройдзенага гістарычнага шляху менавіта ў Бялынічах паўстала найбольшая кансалідаванасць мясцовай грамадскай супольнасці, што станоўча садзейнічала ўзвышэнню і вылучэнню мястэчка, паступоваму развіццю яго ў значны эканамічна-культурніцкі цэнтр. Касцёл з царквою актуалізоўвалі і задавальнялі рэлігійна-культурніцкія, духоўныя патрэбы, а мясцовая габрэйская супольнасць найбольш спрычынілася да запачаткавання сістэмы мясцовага гаспадарніцтва і гандлю [2; 37. 4; 15-17, 26-28].

Неабходна засяродзіць увагу і на тым, што за 37 гадоў (1860–1897) колькасць габрэйскага насельніцтва ў Бялынічах павялічылася з 365 да 1063 – амаль у тры разы. У той жа час у Галоўчыне яно зменшылася на 10 асобаў (з 443 да 433).

Агульная колькасць жыхароў Бялынічаў за 112 гадоў павялічылася без малога ў паўтара раза (Галоўчына – у 1, 4), а за адзначаны 37-гадовы перыяд – крышачку больш, як у два разы (Галоўчына – у 1, 3).

Што ж да скарачэння агульнай колькасці насельніцтва Бялынічаў у перыяд з 1870 да 1897 гадоў, то, відаць, на гэта найперш паўплывалі знішчальныя пажары. Вядома, што за гэты час у мястэчку адбыліся два страшэнныя пажары: 27 ліпеня 1894 года, калі згарэлі 18 жылых двароў і 7 гандлёвых лавак, а ў полымі пажару 6 чэрвеня 1896 года ператварыліся ў чорны попел 106 местачковых пабудоў – выгарыла большая частка Бялынічаў [3; 37]!

У 1835 годзе ў Расіі выйшла "Палажэнне аб габрэях", якое вызначала арганізацыйныя формы іхняга рэлігійнага жыцця. Агульныя малітвы ім дазвалялася выконваць толькі ў спецыяльна прызначаных для гэтага збудаваннях: сінагогах ды малітоўных дамах. Загадвалася на кожныя 30 габрэйскіх сядзіб адкрываць адну малітоўную школу, а на 80 – сінагогу. Уводзіліся і шэраг іншых абмежаванняў. Напрыклад, равіны павінны былі выбірацца на сходах адзінаверцаў і зацвярджацца местачковым начальствам.

Новае палажэнне ўкаранялася з цяжкасцямі, аб чым сведчаць вынікі праверак, праведзеных у 1845 годзе. Асноўныя парушэнні зводзіліся да наступных: габрэйскія грамады ігнаравалі казённых равінаў, маліліся ў недазволеных месцах.

Дзеля таго, каб атрымаць вычарпальныя звесткі аб становішчы ў межах аселасці і мець магчымасць прыцягваць парушальнікаў "Палажэння аб габрэях" да адказнасці 27 студзеня 1853 года дырэктар Дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў Расеі В. Скрыпіцын накіроўвае ва ўсе губерні імперыі ліст з просьбай аб складанні па вызначанай ім форме спісу габрэйскіх малітоўных будынкаў ды іхніх пасадавых духоўных асобаў.

Адказы на гэты ліст захоўваюцца ў Расейскім дзяржаўным гістарычным архіве (Санкт-Пецярбург). Дзякуючы ім сёння можам сказаць, напрыклад, што па стану на 1 красавіка 1853 года ў Магілёўскай губерні налічвалася 327 габрэйскіх духоўных пасадавых асобаў, якія працавалі ў сінагогах і малітоўных дамах. А сярод 9 равінаў з усіх губерняў мяжы габрэйскай аселасці, якія да моманту складання спісаў выконвалі свае абавязкі больш за 25 гадоў, адзначаны і Ора Ліфшыц – равін мястэчка Бялынічы Магілёўскай губерні. Да слова сказаць, Ора Ліфшыц на той час знаходзіўся пры сваёй пасадзе 36 гадоў – быў зацверджаны ў якасці равіна яшчэ ў 1817 годзе [9; 4].

Па звестках на 1908 год, агульная колькасць насельнікаў Бялынічаў складала 2193 чалавекі, з якіх 993 з'яўляліся хрысціянамі, а 1200 – іудзеямі. У Галоўчыне жыло 911 жыхароў хрысціянскага веравызнання і 676 – іудзейскага. Паводле саслоўнай прыналежнасці насельніцтва абодвух мястэчак складалася з: сялянаў – 950 (у Бялынічах), 911 – у Галоўчыне, мяшчанаў, адпаведна, 400 і 200, асобаў духоўнага чыну – 12 і 10, дваранаў – 27 і 6 [7; 120].

У Бялынічах на той час дзейнічалі 4 сінагогі.

Што ж да Галоўчына, то ў пісьмовых крыніцах, якія апісваюць тагачасны перыяд, не ўпамінаецца наяўнасць у ім сінагогі. Хутчэй за ўсё галоўчынскія габрэі спраўлялі набажэнствы ў малітоўных дамах і бялыніцкіх сінагогах.

Напачатку прамінулага стагоддзя ў Беларусі рэзка абвастрыліся грамадска-палітычныя, сацыяльныя, нацыянальныя супярэчнасці, якія выклікала захопніцкая, каланіяльная палітыка расейскай улады ў краі. Мясцовае насельніцтва – беларусы, палякі, габрэі – было крайне абмежаванае ў сваіх правах. Жорсткай дыскрымінацыі поруч з карэннымі насельнікамі падвяргаліся і габрэі, што надзвычай спрыяла развіццю сацыял-дэмакратычнага руху. На гэтым сацыяльным, грамадска-палітычным фоне ў габрэйскім асяродку закладаецца і паўстае Бунд (“Агульны Габрэйскі Рабочы Саюз у Літве і Польшчы”), які неўзабаве ператвараецца ў найбольш значную рэвалюцыйную арганізацыю, што супрацьстаяла ўладам нават збройным чынам і рабіла пэўны ўплыў таксама і на рабочых негабрэяў.

Арэнай гэтага супрацьстаяння сталі таксама і вуліцы Магілева, некаторых прыдняпроўскіх мястэчак. Асабліва абвастрылася яно ў 1902–1905 гадах, калі Магілеўскую губернскую адміністрацыю ачольваў крайні антысеміт і рэакцыянер М. Клінгенберг.

З пачаткам руска-японскай вайны па ўсей Магілеўскай губерні прайшлі “патрыятычныя” маніфестацыі ў падтрымку ўрада, на якіх загучалі абвінавачванні і пагрозы ў адносінах да габрэяў за нібыта іхнюю “здраду Расіі на карысць Японіі” [8; 34].

Напачатку кастрычніка (9-га) была абвешчана мабілізацыя. Апоўдні групоўкі падлеткаў і магілеўцаў, узброеныя камянямі і палкамі, пачалі збіваць габрэяў, рабаваць іхнія дамы і лаўкі. За тры дні пагромшчыкі ў Магілеве забілі двух габрэяў, разрабавалі і зруйнавалі 100 дамоў і 25 крамаў [8; 32].

Адначасова з габрэйскімі пагромамі ў Магілеве яны прайшлі яшчэ і ў 12 гарадах і мястэчках магілеўшчыны. У тым ліку і ў Галоўчыне [8; 34]. Актыўны ўдзел у іх прынялі сяляне – “запасныя”, якія патрапілі пад уплыў антысеміцкай правакацыйнай прапаганды.

Паколькі ўсе габрэйскія пагромы на Магілеўшчыне супалі з абвяшчэннем пачатку мабілізацыі на руска-японскую вайну, яны ў гістарычнай літаратуры атрымалі найменне “мабілізацыйныя”.

Паводле перапісу насельніцтва, праведзенага ў 1924 годзе, габрэі ў Бялыніцкім раёне складалі найбуйнейшую нацыянальную групоўку і займалі другое месца пасля беларусаў. Усіх жыхароў налічвалася 48396 чалавек. Беларусамі назваліся 45377, габрэямі – 1646, палякамі – 886, расейцамі – усяго 464.

Вялікія выпрабаванні на долю беларускага, а гэтаксама і габрэйскага насельніцтва выпалі ў годы Вялікай Айчыннай вайны.

Паводле “Акта камісіі Бялыніцкага раёна па ўстанаўленню і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх паслугачоў”, які быў складзены ў лістападзе 1944 года, "усяго па раёну расстраляна, павешана, спалена, угнана ў нямецкае рабства 3315 чалавек, не лічачы 224 чалавек расстраляных, пражываючых у Бялынічах яўрэйскага насельніцтва, якое прыбыло з Заходняй Беларусі, прозвішчы, імёны, імёны па бацьку якіх устанавіць не ўдалося" [5; 2].

У верасні 1941 года па Бялыніцкаму сельсавету немцы аб'явілі збор усяго мужчынскага габрэйскага насельніцтва нібыта для выбараў старасты. Калі сабралася больш за 150 габрэяў, ім аб'явілі, што яны накіроўваюцца на пабудову маста праз Друць. Іх там распранулі да ніжняй бялізны і расстралялі.

Астатніх габрэяў з Бялынічаў, а таксама прыгнаныя ў мястэчка габрэйскія сем'і, больш за 600 чалавек, фашысты ўтрымлівалі да 12 снежня 1941 года ў гета, якое размяшчалася ў прамакутніку цяперашніх вуліцаў райцэнтра – Энгельса і Кірава.

Аб дзесятай гадзіне раніцы таго трагічнага дня іх пастроілі ў калону і пад прапановай перасялення ў Эсьмоны, павялі ва ўрочышча "Мхі", дзе і расстралялі [ 5; 2].

"Процесс расстрела немецким карательным отрядом, – адзначаецца ў “Акце...” – производился следующим образом: в заранее приготовленных на месте двух ямах размером каждая 40 х 30 х 3 м заставляли обреченных по одиночке раздеваться до нижнего белья, зайти в яму и лечь лицом вниз, после заполнения рада их с автоматов расстреливали, после укладывали следующий ряд до тех пор, пока не перестреляли всех. После этого жуткого злодеяния вся одежда, обувь и ценности были на подводах доставлены в г. п. Белыничи, откуда часть ценностей и вещей были увезены карательным отрядом на трех автомашинах в Могилев, а остальное роздано немцам и их сообщникам.

Массовые расстрелы мирных граждан производились кроме указанных мест и в урочищах "Салотопка", "Еврейское кладбище" и в лесу урочища Белыничской МТС" [5; 2].

Паводле няпоўных звестак фашысты расстралялі таксама і больш за 150 габрэяў з Галоўчына, не разбіраючыся пры гэтым ні ва ўзросце, не зважаючы на жанчын. Напрыклад, самаму старэйшаму расстралянаму габрэю з Галоўчына Моту Герману тады было крыху больш за 70 гадоў, а самым маладым – Хоню Савулкіну, М. Шпарбеку, Валодзю Клябанаву, шэрагу іншых не споўнілася нават і па годзіку [5; 12–19 ]

...Сёння ў Бялынічах, Галоўчыне, Эсьмонах не пачуць габрэйскай песні, габрэйскай (як, зрэшты, і беларускай гэтаксама) мовы, сакавітага габрэйскага гумару... І адна з самых найгалоўнейшых прычынаў таму – Халакост.

Паводле перапісу 1989 года на бялыніччыне жыло 36 габрэяў. Вынікі перапісу 1999 года засведчылі наступную колькасць габрэйскага насельніцтва раёна – 23 чалавекі [6; 1].

Бібліяграфія

1. “Памяць. Бялыніцкі раён”, Мн., “Вышэйшая школа”, 2000.
2. М. Карпечанка, “Галоўчын”, Мн., “Пейто”, 2001.
3. М. Карпечанка, “Вочы гісторыі”, Бялынічы, 2002.
4. “Згукі мінуўшчыны. Гісторыя Бялыніцкага раёна ў пытаннях і адказах”, зб., Бялынічы, 1995.
5. Акт камісіі Бялыніцкага раёна па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка – фашысцкіх захопнікаў і іх паслугачоў, Бялынічы, лістапад 1944 года; копія захоўваецца ў архіве аўтара.
6. Даведка Бялыніцкага раённага адзела статыстыкі; архіў аўтара.
7. Список населенных мест Могилевской губернии. Могилев, 1909.
8. “Восход”, Спб., № 23, 1904.
9. Спіс габрэйскіх малітоўных будынкаў і іхных пасадавых духоўных асобаў у губернях мяжы габрэйскай аселасці; копія захоўваецца ў архіве аўтара.

Дынаміка павелічэння / скарачэння колькасці габрэяў у Бялынічах напрацягу 1860 – 1999 гг.

1860

365 (33,2 %)

1870

879 (40 %)

1897

1063 (46,4 %)

1924

1646 (29,4 %)

1999

23 (меней за 1 %)


Местечки Могилевской области

МогилевАнтоновкаБацевичиБелыничиБелынковичиБобруйскБыховВерещаки ГлускГоловчинГорки ГорыГродзянкаДарагановоДашковка Дрибин ЖиличиЗавережьеКировскКлимовичиКличев КоноховкаКостюковичиКраснопольеКричевКруглоеКруча Ленино ЛюбоничиМартиновкаМилославичиМолятичиМстиславльНапрасновкаОсиповичи РодняРудковщина РясноСамотевичи СапежинкаСвислочьСелецСлавгородСтаросельеСухариХотимск ЧаусыЧериковЧерневкаШамовоШепелевичиШкловЭсьмоныЯсень

RSS-канал новостей сайта www.shtetle.comRSS-канал новостей сайта www.shtetle.com

© 2009–2020 Центр «Мое местечко»
Перепечатка разрешена ТОЛЬКО интернет изданиям, и ТОЛЬКО с активной ссылкой на сайт «Мое местечко»
Ждем Ваших писем: mishpoha@yandex.ru